Грамадзкі цэнтр «Кола Сяброў» , які размясціўся ў прыватным доме па вуліцы Чкалава 16, стаў улюблёным месцам сустрэч аматараў беларусчыны. Гурток беларускай мовы расчыняе свае дзверы кожную сераду, а колькасць творчых, навуковых, грамадскіх сустрэч, якія адбываюцца штотыднёва і падлічыць цяжка.



Дваццатага чэрвеня магілёўцы, якіх прыйшло каля пяцідзесяці, сустрэліся з Алегам Хаменка, лідарам фолк-гурта “Палац”, тэле-радыё вядучым, культуролагам, кампазітарам.
Гурт ужо ў 1993 годзе патрапіў у дзясятку лепшых калектываў Усходняй Еўропы, праз год адбыліся першыя гастролі ў Германіі, яшчэ праз год у продажы з’явіўся першы альбом.



«Палац» ўдзельнічаў і перамагаў у такіх фэстах як «Славянскі базар» (Беларусь), «Басовішча» (Польшча), «Tanz und Folkfest» (Германія), «Азія Даўысы» (Казахстан), «Рок-каранацыя» (Беларусь), «Краіна мрий» (Украіна), «Bela Music» (Беларусь).
У гурце “Палац” граў Зміцер Вайцюшкевіч, які прыязджаў да магілёўцаў у гэтую вясну, зноў жа ў “Колу сяброў”.



Вернемся да Алега Хаменка, які з самага пачатку сустрэчы вызначыў для сябе ролю дзяжурнага і, шчыра кажучы, выдатна з ёй справіўся.
За дзьве гадзіны творчай сустрэчы, Алег паспеў распавесці пра тое, як адбываецца пошук беларускіх народных песен. Расказ сплятаўся з жартамі, цікавымі выпадкамі. Выканаўца прызнаўся, што яго нават з папом блыталі. Чаго толькі ў жыцці не бывае.
Хаменка неверагодна адкрыты чалавек. Было відаць, што яго перапаўняюць гісторыі, якімі ён жадае падзяліцца. Нават спеў ён спыняў, каб расказаць новыя цікаўнасці.



Большасць выкананых песень былі народнымі, старажытнымі, сабранымі з самых далёкіх куткоў Беларусі і, дзякуючы Алегу, захаванымі. Акрамя фальклора прагучалі і аўтарскія песні, якія былі не менш каларытнымі.
Алег Хаменка не мог не закрануць праблему ўжывання беларускай мовы. Музыка лічыць, што яе ўжыванне трэба пашыраць і шчыра жадае, каб кожны беларус хоць як, але размаўляў менавіта па-беларуску.



Не абыйшлі бокам і народныя святы, традыцыі, нават пра інтэрнэт паразмаўлялі.
У канцы творчай сустрэчы адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў аб сяброўстве з Таварыствам Беларускай Мовы з рук Алега Хаменкі.



Прысутнічыя доўга не жадалі адпускаць Алега. Кожны жадаў фотаздымак ды аўтограф на памяць. Жадаючыя маглі набыць кнігі, цішоткі, кружэльнікі. Кожны атрымаў памятныя значкі.

Аляксандр Бельскі
2012